Інфармацыя пра бартавыя прылады
Для таго каб карыстацца сеткай платных аўтадарог, якія ўваходзяць у сістэму BelToll, неабходна ўсталяваць у транспартным сродку (не прымяняецца да ТС з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай больш за 3,5 тоны) невялікую прыладу электроннай аплаты, якую таксама называюць бартавой прыладай. Яе выкарыстанне не патрабуе выбару пэўнай паласы руху, зніжэння хуткасці або спынення ў пунктах збору платы за праезд.
Парталы станцый збору платы, устаноўленыя над праезнай часткай, абсталяваны спецыяльнымі перадатчыкамі. Бартавая прылада дазваляе сістэме ідэнтыфікаваць транспартны сродак, а таксама захоўваць і апрацоўваць атрыманую інфармацыю аб ім.
Калі транспартны сродак, абсталяваны бартавой прыладай, праязджае пад спецыяльнымі парталамі збору платы, бартавая прылада абменьваецца данымі з перадатчыкамі, усталяванымі на партале. Спісанне сродкаў з рахунку пацвярджаецца гукавым сігналам.
Атрымаць бартавую прыладу можна пасля рэгістрацыі транспартнага сродку ў сістэме BelToll і ўнясення закладнога кошту ў памеры 50 еўра.
Закладны кошт уносіцца ў беларускіх рублях па афіцыйным курсе Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь на дзень аплаты.
Бартавая прылада лёгка ўсталёўваецца на ўнутраную частку лабавога шкла. Падрабязную інфармацыю па ўсталяванні вы знойдзеце ў кіраўніцтве карыстальніка, якое выдаецца разам з бартавой прыладай. На транспартных сродках з металізаваным шклом выкарыстоўваюцца бартавыя прылады з вонкавым блокам.
Як праверыць металізацыю лабавога шкла. Відэаінструкцыя.
Перад выездам на платны ўчастак дарогі вадзіцель павінен пераканацца ў спраўнасці бартавой прылады, праверыўшы яе ў адпаведнасці з парадкам тэхналагічнай эксплуатацыі, а таксама сачыць за яе сігналамі падчас праезду пад станцыямі збору платы.
Бартавыя прылады сілкуюцца ад убудаванага акумулятара і не патрабуюць падключэння да крыніцы харчавання ў аўтамабілі.
Увага! Кожная бартавая прылада персаналізавана пад пэўны транспартны сродак і не павінна выкарыстоўвацца на транспартным сродку з іншым рэгістрацыйным знакам.
Пасля замены рэгістрацыйнага знака далейшы рух па платных дарогах з выкарыстаннем раней атрыманай бартавой прылады, не персаналізаванай пад новы рэгістрацыйны знак, з’яўляецца парушэннем. У гэтым выпадку неабходна да выезду на платную дарогу атрымаць бартавую прыладу на новы рэгістрацыйны знак у бліжэйшым пункце абслугоўвання.
Падчас рэгістрацыі ў сістэме BelToll уладальнік транспартнага сродку, у тэхнічным пашпарце якога значацца два рэгістрацыйныя знакі, павінен паведаміць, на які канкрэтна знак (альбо на абодва) неабходна атрымаць бартавую прыладу. У прыватнасці, гэта правіла дзейнічае для вадзіцеляў аўтамабіляў таксі, у якіх, акрамя стандартнага рэгістрацыйнага знака на белым фоне, маецца спецыяльны рэгістрацыйны знак жоўтага колеру серыі ТАХ. Бартавая прылада, усталяваная ў аўтамабілі, павінна быць персаналізавана пад той рэгістрацыйны знак, з якім ажыццяўляецца рух па платных дарогах. Калі для руху па платных дарогах выкарыстоўваюцца абодва нумары, неабходна атрымаць дзве бартавыя прылады і кожны раз перад выездам на платную дарогу сачыць за тым, каб бартавая прылада на шкле аўтамабіля адпавядала рэгістрацыйнаму знаку, які выкарыстоўваецца ў той момант.
Увага! Калі ў аўтамабілі знаходзіцца бартавая прылада, персаналізаваная пад рэгістрацыйны знак, не ўсталяваны на транспартным сродку падчас руху, яе неабходна перавозіць выключна ў металізаваным пакеце!
Бартавыя прылады, прызначаныя для эксплуатацыі ў сістэме BelToll, маркіраваны знакам BY.
Тыпы бартавых прылад, якія выкарыстоўваюцца
Першы тып
Уладальнікі аўтамабіляў з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай больш за 3,5 тоны атрымліваюць бартавыя прылады тыпу OBU-4021 або OBU-4040
OBU-4021
У скрынцы з бартавой прыладай тыпу OBU-4021 знаходзяцца:
- бартавая прылада OBU-4021;
- кіраўніцтва карыстальніка;
- наклейка з кароткімі інструкцыямі, якую трэба прыклеіць на пярэднюю паверхню бартавой прылады;
- сурвэтка для ачысткі лабавога шкла аўтамабіля перад усталяваннем бартавой прылады;
- самаклейныя стужкі-ліпучкі для фіксацыі бартавой прылады на паверхні лабавога шкла;
Відэаінстукцыя для бартавой прылады тыпу OBU-4021:
OBU-4040
У скрынцы з бартавой прыладай тыпу OBU-4040 знаходзяцца:
- бартавая прылада OBU-4040;
- кранштэйн для бартавой прылады;
- сурвэтка для ачысткі шкла;
- кіраўніцтва карыстальніка;
Відэаінстукцыя для бартавой прылады тыпу OBU-4040:
Другі тып
Уладальнікі аўтамабіляў з максімальна дапушчальнай агульнай масай больш за 3,5 тоны з поўнасцю металізаваным лабавым шклом атрымліваюць двухкампанентную бартавую прыладу са знешнім блокам
У камплект такой бартавой прылады ўваходзяць:
- вонкавы модуль бартавой прылады OBU-4042 для ўсталявання на вонкавай паверхні лабавога шкла;
- унутраны модуль бартавой прылады OBU-4041 для ўсталявання на ўнутранай паверхні лабавога шкла;
- мацаванне для вонкавага модуля;
- клейкая стужка для ачысткі вонкавага модуля;
- клейкая стужка для ўнутранага модуля;
- сурвэтка для ачысткі лабавога шкла аўтамабіля перад усталяваннем бартавой прылады;
- этыкетка бяспекі;
- інструкцыя па ўсталяванні;
- кіраўніцтва карыстальніка.
Усталёўваць і выкарыстоўваць двухкампанентную бартавую прыладу трэба строга ў адпаведнасці з Інструкцыяй па ўсталяванні і Кіраўніцтвам карыстальніка!
Перад кожнай паездкай вадзіцель павінен пераканацца, што на бартавой прыладзе выстаўлена правільная колькасць восей транспартнага сродку.
Відэаінстукцыя для бартавой прылады тыпу OBU-TWIN 4041/4042:
Атрыманне бартавой прылады
Бартавую прыладу трэба атрымаць перад выездам на платную дарогу. Для гэтага неабходна зарэгістраваць транспартны сродак у сістэме BelToll. Рэгістрацыя ажыццяўляецца ў пунктах абслугоўвання кліентаў. Некаторыя аператары паліўных карт таксама аказваюць сваім кліентам паслугі па рэгістрацыі ў сістэме.
Сістэма BelToll прымае паліўныя карты наступных эмітэнтаў:
Уладальніку транспартнага сродку неабходна падпісаць дагавор карыстання платнай дарогай і прад’явіць камплект неабходных дакументаў.
Рэгістрацыя ў сістэме бясплатная, аднак для атрымання бартавой прылады неабходна ўнесці яе закладны кошт.
Памер закладнога кошту складае (у адпаведнасці з Пастановай Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь ад 7 чэрвеня 2013 года № 16) 50 еўра. Закладны кошт уносіцца ў беларускіх рублях па афіцыйным курсе Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь на дзень аплаты.
Закладны кошт бартавой прылады вяртаецца падчас здачы прылады ў любы пункт абслугоўвання, за выключэннем прадугледжаных заканадаўствам выпадкаў.
Падчас атрымання бартавой прылады па дагаворы ў рэжыме перадаплаты неабходна папоўніць баланс бартавой прылады:
- мінімальны памер балансу прылады складае 25 еўра;
- максімальны памер рэшты сродкаў на балансе складае 350 еўра
(у адпаведнасці з Пастановай Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь ад 17 чэрвеня 2013 года № 22).
Вяртанне бартавой прылады
Калі бартавая прылада вам больш не спатрэбіцца, яе можна вярнуць у любы з пунктаў абслугоўвання кліентаў, пасля чаго вам вернуць рэшту нявыкарыстаных сродкаў перадаплаты, за выключэннем выпадкаў вяртання прылады пазней, чым праз тры гады з моманту апошняй аперацыі, зарэгістраванай у сістэме BelToll; вам таксама вернуць закладны кошт прылады, за выключэннем наступных выпадкаў:
- бартавая прылада, якую вы вяртаеце, заблакіравана;
- бартавая прылада вернута пазней, чым праз тры гады з моманту апошняй аперацыі, зарэгістраванай у сістэме BelToll;
- бартавая прылада, якую вы вяртаеце, мае механічныя пашкоджанні (уключаючы, сярод іншага, тыя, што ўзніклі ў выніку выкрыцця, маркіравання, афарбоўвання прылады электроннай аплаты, пашкоджанні штрыхкода або ідэнтыфікацыйнага нумара прылады электроннай аплаты).
Усталяванне бартавой прылады
У камплект бартавой прылады ўваходзіць кіраўніцтва карыстальніка на 4 мовах (руская, беларуская, англійская і польская) з паслядоўным апісаннем працэсу ўсталявання бартавой прылады ў аўтамабілі. Працэс усталявання двухкампанентнай бартавой прылады апісаны ў Інструкцыі па ўсталяванні, якая ўваходзіць у камплект пастаўкі.
Увага! Кожны раз пасля папаўнення балансу бартавой прылады карыстальнік дарогі з дагаворам у рэжыме перадаплаты павінен пераканацца, што на бартавой прыладзе выстаўлена правільная колькасць восей транспартнага сродку (фактычная колькасць восей, уключаючы прычэпы і паўпрычэпы).
Крадзеж, згуба бартавой прылады
У выпадку страты бартавой прылады неабходна неадкладна паведаміць пра гэта, патэлефанаваўшы на Інфалінію сістэмы BelToll альбо звярнуўшыся ў бліжэйшы пункт абслугоўвання кліентаў.
Пры гэтым неабходна паведаміць наступнае:
- прозвішча, імя, імя па бацьку (калі маецца) або назву ўласніка (уладальніка) транспартнага сродку;
- рэгістрацыйны знак транспартнага сродку;
- нумар дагавора карыстання платнай дарогай.
Пасля гэтага бартавая прылада будзе заблакіравана, каб выключыць магчымасць яе далейшага выкарыстання.
Вы можаце атрымаць новую бартавую прыладу замест згубленай/скрадзенай пры ўмове ўнясення закладнога кошту новай прылады. Закладны кошт страчанай бартавой прылады не вяртаецца.
Спіс адкліканых бартавых прылад
У адпаведнасці з п. 37 Палажэння аб парадку спагнання платы за праезд транспартных сродкаў па платных аўтамабільных дарогах Рэспублікі Беларусь, зацверджанага Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30.04.2013 № 340, аператар сістэмы BelToll мае права адклікаць бартавую прыладу для далейшай замены шляхам размяшчэння адпаведнай інфармацыі на афіцыйным сайце.
Бартавыя прылады павінны быць вернуты ў пункт абслугоўвання кліентаў для далейшай замены на працягу 14 каляндарных дзён. Калі бартавая прылада не будзе вернута ў названы час, яна будзе заблакіравана.
У такім выпадку карыстальнік платнай дарогі губляе права на вяртанне закладнога кошту бартавой прылады. Блакіроўка бартавой прылады выключае магчымасць яе далейшага выкарыстання для ўнясення платы за праезд. Падчас руху транспартнага сродку, на якім усталявана заблакіраваная бартавая прылада, па платнай дарозе будуць фіксавацца адпаведныя парушэнні, і інфармацыя пра іх будзе перададзена ў Транспартную інспекцыю.